ГУРТ КРЫЎСКАЄ МУЗЫКІ
[НАВІНЫ] [ГІСТОРЫЯ] [ПЛЫТЫ] [ФОТА] [ВІДЭА] [ГАСЬЦЁЎНЯ] [КАНТАКТЫ]





«Ветах» – паўночнабеларуская назва Месяца ў трэцяй квадры. Калектыў «Ветах» («VIETAH») створаны ў 1997 годзе ў Мінску Вячаславам Калацэем з прафесійных музыкаў як гурт дударскай музыкі. Мэта яго стварэння – рэстаўрацыя універсальных «матрыц» асноўных партытур каранёвага меласу беларусаў. «Ветах» пачаў з музыкі для дуды і скрыпкі (1997), потым пашырыў уласны інструментарый гуслямі (1999), керамічнымі ударнымі (2003), гудком і парнымі дудкамі (2006).

З 1998 года гурт, які ўвесь 1997 напружана рэпетаваў, пачынае актыўную канцэртную (Філармонія, Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, Касцёл Св.Сымона і Алены) і студыйную (праграма «Юр’я-Юр’éва» на Радыё-1 Беларусі) дзейнасць. Адпачатку «Ветах» мае ўласную дзіцячую групу-спадарожнік і супрацоўнічае са спеўна-харэаграфічным калектывам «Верас» Таццяны Пладуновай. З тых часоў выхаванцы абодвух гуртоў усё больш актыўна дапамагаюць заснавальнікам «Ветаха» і зараз з’яўляюцца хутчэй іх калегамі, чым вучнямі па фальклорным руху.

Ад стварэння рэпертуар гурта – каляндарныя і працоўныя песні, дударская і смыковая музыка, гульні, абрады і танцы паўночнай, заходняй і цэнтральнай Беларусі. Іх пераймаюць як з фанаграм і відэазапісаў аўтэнтычных вясковых выканаўцаў, так і выязджаючы ў фальклорныя экспедыцыі.

Ад стварэння стрыжань рэпертуару «Ветаха» – абрадавыя песні, дударская і смыковая музыка, гульні і танцы паўночнай, заходняй і цэнтральнай Беларусі. Іх пераймаюць як з аўдыё- і відэазапісаў аўтэнтычных вясковых выканаўцаў, так і ў фальклорных экспедыцыях. Трывалы складальнік усіх сэт-лістоў гурта –сезонна прымеркаваная музыка. Наш традыцыйны каляндар – код, які дэшыфруе светапогляд культур, што некалі фундавалі этнічную мапу Усходняй Еўропы. Таму ў яго жыцці – аснова этнаэкалогіі беларусаў і шанец на лёс гэтага народа як адмысловай этнічнай адзінкі.

Стылістычна вынік творчай дзейнасці гурта – так званы «пост-фальклор», другасныя формы руральнай (вясковай) музычнай культуры, якія існуюць ва ўмовах горада. Механічныя копіі традыцыйнай музыкі, аднак, ніколі не з’яўляліся самамэтай для «Ветаха». Ад каранёвага меласу ён бярэ перадусім стыль музычнага мыслення, манеру гукавымання, тэкставую аснову рэпертуара. Маючы неблагую музычную адукацыю, удзельнікі гурта ў сваіх партытурах ніколі не «распіналі» манадыйны і паліфанічны мелас Беларусі на структурах гамафонна-гарманічнай італа-нямецкай акадэмічнай музыкі.

У 1999 годзе «Ветах» выдаў дэбютны альбом. Першы наклад дыска «Тэмпаральнасць» тыражавала фірма «Каўчэг» Юрыя Цыбіна. Гэты CD – першы паўнавартасны канцэптуальны альбом дударскай музыкі на Беларусі. Ні ў адным з яго 21 трэкаў не гучаў баян, гармонік, акардыён, цымбалы, домра, гітара, джамбі і іншыя ўмоўна-беларускія інструменты. Музычную «тканіну» стваралі дуда, скрыпка, бубен і барабан, аздабляўшыя песні і найгрышы каляндарнага кола.

З 2000 года удзельнікі гурта рэгулярна выязжаюць у асяродкі бытавання традыцыі, дзе са старэйшымі яе носьбітамі і жыхарамі мясцовых вёсак спраўляюць каляндарныя абрады. Імі абавязкова адзначаюцца святы «Сонечнага крыжа» (Вялікдзень, Купаллле, Дзяды, Каляды). З 2001 года тры-чатыры разы (напярэдадні асноўных фальклорных свят з папраўкай на поўню) «Ветах» дае вялікі канцэрт-вечарыну з танцавальнай дударскай музыкай у мінскіх клубах. Гэтая з'ява вядома як «Музычная вандроўка па Крывіі без баяна». Яе шлях «прамаляваны» ад рэспектабельнага клуба «Тунэль», праз indi-клуб «NC», да мультыкультурнага і мультысацыяльнага клуба «Step». У прамежках паміж імі дударска-танцавальныя выспы намаганнямі «Ветаха» перыядычна ўзнікалі то на загуканнях вясны на ўзбярэжжы Нарачы, то на купальскіх пляцоўках Вязанкі і Ракава, то на мінскіх муніцыпальных кірмашах і калядах Заслаўя.

Фактычна к 2001 году гурт сінтэзаваў і актуалізаваў канцэпцыю урбанізаваных дударскіх дыскатэк. Першая з іх адбылася 28 сакавіка 2001 года ў клубе «Тунэль». У 2001 – 2002 гадох на іх перабывала большасць асобаў, якія пазней «перааформілі» досвед «Ветаха» ў медыявістычным накірунку і спалучылі яго з напрацоўкамі прыбалтыйскіх танцавальных клубаў (па спаборніцкім аздабленні і разлікова-гаспадарчай арганізацыі шоу).

Піянерам у галіне клубных дударскіх дыскатэк, аднак, бясспрэчна з’яўляецца «Ветах», паколькі, акрамя яго, ніхто з мінскіх дударскіх гуртоў, грамадскіх і блогавых актывістаў, медыя-дзеячоў не здольны прад’явіць відэаздымкі і матэрыялы СМІ пра ўласную дзейнасць такога кірунку, датаваныя 2001 годам. «Ветах» жа мае буйны відэаархіў і добрую падборку перыядычных выданняў пра сябе пачатку 21 стагоддзя, якія стаўляюць кропкі над «і» ў гэтым пытанні.

З 2001 па 2006 год «Ветах» актыўна «меціў» дударскай музыкай і беларускімі спевамі прастору Еўропы ад Вільні і Рыгі да атлантычнага ўзбярэжжа і акіянскіх выспаў Францыі. Калектыў за гэты час «працягнуўся» па фэстах «Таўкачыкі», «Берагіня», «Legenda autuna», «Belarus mediawave», «Pulku eimu, pulku teku», «Skamba-skamba, kankliai», «Jore», «Uzgavenes», «Мinsk-Mixt».

Удзельнікі «Ветаха» адзначыліся ў рознанакіраваных сацыяльных працэсах: навуковых (адзін з музыкаў абараніў кандыдацкую дысертацыю па традыцыйнай культуры беларуска-летувіскага сумежжа); міграцыйных (адна з салістак імігравала ў ЗША); дэмаграфічных (тры салісткі нарадзілі па дзіцю).

Да 2007 года гурт прыйшоў з моцна абноўленым складам. Прынцыпова незалежная (і ад афіцыйных структур і ад «трэцяга сэктару») пазіцыя заснавальнікаў не спрыяла таннай рэкламе і фінансавым ін’екцыям з боку заўсёды амбітных, але, часам, абмежаваных разнастайных псеўдафундатараў беларускай музыкі. Пазіцыя апошніх часцяком стварае праблемы, але не выклікае шкадаванняў «Ветаха», паколькі свет – вялікі і ў ім шмат альтэрнатыў і магчымасцяў самарэалізацыі для творцаў.

Асноўны кірунак дзейнасці гурта сёння – шліфоўка вынайдзенных «матрыц» каранёвай музыкі, эксперыменты з новымі інструментамі, гука- відэазапісам і электронікай. Іншы шлях – папулярызацыя каранёвай этнафоніі беларусаў у рэгіёнах краіны праз рэспубліканскія фальклорныя школы і фестывальны рух. Дагэтуль «Ветах» ладзіць і этнадыскатэкі ў Мінску. Як і ў 2001 годзе, у 2008-м, публіка (студэнты творчых ВНУ і каледжаў Беларусі), што збіраецца на клубную вечарыну, мае магчымасць вывучыць народныя танцы Беларусі, узяць удзел у выкананні старажытных рытуальных гульняў і песьняў.

Для акампанемента ўдзельнікі гурта выкарыстоўваюць: акарыну, варган, флейту, скрыпку, гуслі (майстры Вадзім Пархімовіч, Алесь Жукоўскі), дуду (майстар Віктар Кульпін), розныя віды ўдарных – барабан, бубен з калатушкай (майстар Алесь Пятровіч), керамічныя ударныя (майстар Андрусь Шабар).

За апошнія 10 год «Ветах» неаднаразова ўдзельнічаў у эфірах радыёклуба «Фальклор» і праграме «Галасы стагоддзяў» на Радыё-1 Беларусі, выступаў на розных канцэртных пляцоўках Беларусі, Эстоніі, Летувы, Латвіі, Польшчы, Нямеччыны, Бельгіі і Францыі з такімі выканаўцамі, як «Laiksne», «Ліцьвіны», «Госьціца», Наталля Матыліцкая, «Гуда», «Kuokle», «Taklamakan», «Musica Radicum», «Reketukas», «Manugi», «Dudarzy wielkopolsky».

Штогод VIETAH імкнецца «здзяйсніць хадж» на беларускую абрадавую Мекку – веткаўскую «Стралу» – паколькі ў вачах яе выканаўцаў заўсёды бачыць тое, чаго даўно няма ў вачах homo sapiens ХХІ стагоддзя – спакой і заміранасць з навакольным светам і ўласна з сабою. Без ілюзій адносна ўласнай абранасці і месіянства (як і астатнія шоу-фігуранты урбанізму, VIETAH вырашае з дапамогай традыцыйнай музыкі праблемы гарадскога чалавека міленіуму), але з неблагім гукам і намаганнямі дасканаліцца праз дакрананне да традыцыі, калектыў мае спадзёў крочыць такім чынам праз час і прастору далей.


DЫСКАГРАФIЯ:
Ветах & Верас. «Тэмпаральнасць» – СD, 1999
Ветах & Талака. «Страла» – СD, 2004
Ветах. «Vietah live on DVD» – DVD, 2006
Ветах & Верас. «Vietah in an acid childhood» – СD, 2007
Ветах & дударскiя гурты. «Dуды Юр'я зiмовага» – DVD, 2008


© Vietah 2000 - 2011
Сайт управляется системой uCoz